Тэмы

Вайскоўцы вермахта прымушаюць савецкіх ваеннапалонных капаць уласную магілу, акупаваныя тэрыторыі СССР, імаверна, 1941 год
Да нападу на Савецкі Саюз вермахт выдае так званы загад аб камісарах, які прадугледжвае расстрэл палітработнікаў Чырвонай арміі адразу пасля ўзяцця ў палон. Палітработнікі адказваюць за палітычна-асветніцкую і выхаваўчую працу з салдатамі Чырвонай арміі. Загад захоўвае моц да мая 1942 года.
Фота: аўтар невядомы, dpa Picture Alliance

Насуперак праву

Нямецкі рэйх падпісаў міжнародныя пагадненні, якія замацоўвалі гуманнае абыходжанне з ваеннапалоннымі.

Аднак вермахт наўмысна не выконваў гэтых пагадненняў у дачыненні савецкіх ваеннапалонных. Адбываецца забойства паліткамісараў Чырвонай арміі ды іншых ваеннапалонных, перадусім у першы год вайны. Недастатковае забеспячэнне ежай прыводзіць да галоднай смерці мільёнаў чалавек. Што праўда, з сярэдзіны 1942 года становішча чырвонаармейцаў у нямецкім палоне крыху паляпшаецца, бо расце патрэба ў працоўнай сіле. Тым не менш савецкія ваеннапалонныя да самага канца вайны сутыкаюцца з нашмат горшым абыходжаннем, чым ваеннапалонныя з іншых краінаў.

Савецкія ваеннапалонныя перад часовымі схованкамі ў шталагу 319, Хэлм, 1941 год
У бальшыні лагераў баракі спачатку адсутнічалі, так што палонныя мусілі спаць на зямлі. Каб абараніцца ад дажджу, ветру і холаду, яны капалі зямлянкі і будавалі схованкі з усяго, што маглі знайсці.
Фота роты прапаганды: Карл Артур Пэтрашк, bpk / Karl Arthur Petraschk

Знясільванне

Вермахт не праводзіць адпаведнай падрыхтоўкі да таго, каб размясціць савецкіх ваеннапалонных і забяспечыць іх неабходным.

Параненыя і хворыя не атрымліваюць медычнай дапамогі. Забеспячэнне харчамі зусім не дастатковае. У лагерах доўгі час адсутнічае практычна любая інфраструктура. Стан гігіены настолькі катастрафічны, што неўзабаве пачынаюць шырыцца эпідэміі. Значная частка аслабленых ваеннапалонных пачынае хварэць. Апрача таго, штодзённасцю ў лагерах робяцца біццё і прыніжэнне з боку ахоўнікаў.

Ваеннапалонныя вымушаныя хаваць целы сваіх таварышаў, Вязьма, лістапад 1941 года
У кастрычніку 1941 года вермахт істотна зніжае нормы харчавання для савецкіх ваеннапалонных. Пасля гэтага рэзка расце і без таго высокая смяротнасць. У некаторых лагерах штодня гінуць сотні чалавек. Іх целы хаваюць у брацкіх магілах.
Фота: прыватная ўласнасць, Фонд «Ніжнесаксонскія мемарыялы», Цэле

Галодная смерць

Нацыянал-сацыялісцкі рэжым разлічвае на хуткую перамогу. Вайну плануюць скончыць да прыходу халадоў.

Калі гэта не ўдаецца, нарастаюць праблемы з забеспячэннем, і нацыянал-сацыялісцкае кіраўніцтва пастанаўляе, хто мусіць атрымліваць ежу ў першую чаргу. Тыя савецкія ваеннапалонныя, якія не працуюць, фактычна кінутыя на галодную смерць. Аднак рэчаісны памер пайкоў недастатковы ні для якіх палонных. Таму восенню 1941 года людзі пачынаюць масава паміраць. Да вясны 1942 года канаюць больш за два мільёны знясіленых савецкіх ваеннапалонных, што складае прыкладна дзве траціны ўсіх узятых у палон да таго часу.

Савецкія ваеннапалонныя неўзабаве пасля прыбыцця ў канцлагер «Заксэнгаўзэн», верасень 1941 года
У лагерах ваеннапалонных вядзецца пошук самых розных палітработнікаў, чырвонаармейцаў габрэйскага паходжання, разведчыкаў і «падбухторшчыкаў». Вермахт перадае гэтых «выбракаваных» вязняў для забойства паліцыі і СС.
Фота СС: аўтар невядомы, Нацыянальны архіў, Прага, Sbírka

Пошук «непрымальных элементаў»

Вермахт праводзіць адрозненне паміж нібыта небяспечнымі і прыдатнымі ваеннапалоннымі. Расстраляныя больш за 150 000 чалавек, прызнаных небяспечнымі.

Часткова гэта адбываецца адразу ж пасля ўзяцця ў палон. Вермахт разам з СС і паліцыяй працягвае шукаць «непрымальныя элементы» і ў лагерах. Адначасова немцы рэкрутуюць так званых добраахвотных памочнікаў, якіх прыцягваюць да працы ў лагерах і падраздзяленнях вермахта. Некаторыя з іх служаць у атрадах дапаможнай паліцыі і вайсковых падраздзяленнях са зброяй у руках.

Ваеннапалонныя будуюць грэблю, Ершычы пад Рослаўлем, 19 верасня 1941 года
Савецкіх ваеннапалонных прымушаюць працаваць на карысць немцаў. Законы вядзення вайны дазваляюць гэта, калі праца ваеннапалонных не служыць ваенным мэтам. Аднак умовы працы і абыходжанне з палоннымі чырвонаармейцамі настолькі кепскія, што мноства іх гіне.
Фота роты прапаганды: Мэльс, RH 82-00063, Федэральны архіў, Кобленц

Прымусовая праца

Савецкія ваеннапалонныя вымушаныя працаваць на немцаў і іх саюзнікаў па ўсёй Еўропе.

Чым долей цягнецца вайна, тым больш расце патрэба нямецкай эканомікі ў працоўнай сіле. Вермахт пераводзіць усё больш палонных чырвонаармейцаў на тэрыторыю Нямецкага рэйха. Іх праца выкарыстоўваецца ў абароннай і горназдабыўчай прамысловасці, у сельскай гаспадарцы і мностве іншых галінаў. У гарадах і сельскай мясцовасці ўтвараецца сетка з дзясяткаў тысяч так званых арбайтскамандаў. Умовы жыцця і працы савецкіх ваеннапалонных у большасці выпадкаў катастрафічныя.

Прыбыццё савецкіх ваеннапалонных у шталаг Х В, Зандбостэль, імаверна, восень 1941 года
Пры пешых маршах ваеннапалонныя нясуць ці падтрымліваюць сваіх параненых, хворых і знясіленых таварышаў і таварышак. Ахоўнік, які зрабіў гэты здымак, напісаў на адваротным баку: «Саветчыкі пры смерці. Штодзённая карціна».
Фота: Робэрт Вінкс, 146-2005-014, Федэральны архіў, Кобленц

Выжыванне

Савецкія ваеннапалонныя сутыкаюцца з усё больш небяспечнымі і катастрафічнымі ўмовамі ў лагерах і на працы.

Спробы выжыць маюць самы розны характар: ад «добраахвотнага» запісу ў «памочнікі» да арганізацыі супраціву і сабатажу. Маюць месца як здрадніцтва і крадзеж, так і салідарнасць, дапамога і падтрымка. Спробы ўцёкаў робяцца масавымі. Пры гэтым уцекачы маюць вышэйшыя шанцы выжыць на акупаваных землях , чым на тэрыторыі Нямецкага рэйха.

Савецкія ваеннапалонныя пасля вызвалення, у ваколіцах Старой Русы, 11 студзеня 1942 года
Цягам наступу Чырвоная армія вызваляе з палону вялікую частку сваіх вайскоўцаў. Гэта пачынаецца яшчэ зімой 1941–1942 года, але ў асноўным ідзе пачынаючы з 1943 года. Вызваленыя атрымліваюць медычную дапамогу, як гэтыя хворыя на сыпны тыф. Як правіла, вызваленыя чырвонаармейцы пазней вяртаюцца на вайсковую службу.
Фота: Цімафей Мельнік, Музей «Берлін-Карлсгорст», Берлін

Заканчэнне вайны

Падчас наступу Чырвонай арміі і заходніх саюзнікаў частка савецкіх ваеннапалонных сустракае вызваленне яшчэ да заканчэння вайны.

Аднак бальшыня з іх застаецца ў руках немцаў да 1945 года. У апошнія месяцы вайны становішча ваеннапалонных ізноў істотна пагаршаецца. Немцы гоняць іх доўгімі пешымі маршамі, каб ачысціць лагеры. Шматлікіх савецкіх ваеннапалонных забіваюць. Іншыя настолькі хворыя і слабыя, што паміраюць у наступныя дні і тыдні па вызваленні.

Адпраўленне з лагера для рэпатрыяцыі, акруга Ольдэнбург, пачатак лета 1945 года
Бальшыня былых ваеннапалонных хоча вярнуцца на радзіму да сваіх сем’яў. Але некаторых да гэтага змушаюць. Савецкае кіраўніцтва дамаўляецца з іншымі саюзнікамі аб перадачы ўсіх вызваленых савецкіх грамадзянаў. Гэтая практыка ў хуткім часе спыняецца. Каля 500 тысяч былых ваеннапалонных не вяртаюцца назад.
Фота: аўтар невядомы, Фонд «Ніжнесаксонскія мемарыялы», Цэле / Цэнтральны музей Узброеных сілаў, Масква

Вяртанне дадому

Савецкае кіраўніцтва ставіць за мэту рэпатрыяваць па магчымасці ўсіх савецкіх грамадзянаў, пры патрэбе нават прымусова.

Да сакавіка 1946 года адбываецца рэпатрыяцыя 1,5 мільёна былых ваеннапалонных. Іх агулам трактуюць як дэзерціраў і здраднікаў. Пасля праверак органамі дзяржаўнай бяспекі караюць толькі малую долю былых палонных. Аднак недавер да іх захоўваецца і часта прыводзіць да дыскрымінацыі, што цягнецца дзесяцігоддзямі. Тых, хто вяртаецца, на радзіме чакае ў значнай частцы цалкам спустошаная зямля. Колькасць ахвяраў складае 27 мільёнаў чалавек, у тым ліку 14 мільёнаў цывільных.

Узвядзенне помніка на могілках у Эрбке, чэрвень 1945 года
Пасля заканчэння вайны на шмат якіх могілках на загад савецкай вайсковай адміністрацыі ўзводзяцца помнікі. Аднак надпісы на іх збольшага хаваюць, што пахаваныя былі ваеннапалоннымі. У ГДР каля гэтых помнікаў святкуюць «германска-савецкую дружбу». У ФРГ у кантэксце халоднай вайны іх часткова знішчаюць ці перарабляюць.
Фота: аўтар невядомы, Фонд «Ніжнесаксонскія мемарыялы», Цэле / Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, Масква

Памяць

Пасля вайны злачынствы немцаў у дачыненні савецкіх ваеннапалонных амаль не абмяркоўваюцца.

У ФРГ яны замоўчваюцца, у ГДР звяртаюць увагу перадусім на акты супраціву. Уз’яднаная Германія толькі ў 2015 годзе плаціць па сімвалічных рахунках. Фармальнай жа кампенсацыі тыя, хто выжыў, не атрымліваюць. У Савецкім Саюзе афіцыйная культура памяці канцэнтруецца на перамозе над фашызмам ды ўганараванні памяці палеглых у баях. Былыя ваеннапалонныя з гэтай памяці выключаныя і атрымліваюць поўную рэабілітацыю толькі ў 1990-х гадах і ўжо ў постсавецкіх краінах.