Біяграфіі

Графіка: Крыстынэ Кіта

Петр Ионович Белов (1907-1941)

Пётр Іёнавіч Бялоў паходзіць з вёскі Парахіна ва Уладзімірскай вобласці Расіі.

Узяты ў палон у кастрычніку 1941 года, накіраваны ў шталаг 352 у Мінску. Там восенню і зімою 1941 года гінуць ад голаду дзясяткі тысяч палонных. Адзін з іх – П. І. Бялоў, які памірае 25 снежня 1941 года. Сям’я доўгі час нічога не ведае пра яго лёс. З кастрычніка 1941 года ён лічыцца зніклым без вестак. Толькі яго ўнучка, Альбіна Турчанінава, у 2018 годзе знаходзіць указанні на яго гібель у мінскім лагеры. Сям’я не мае ніводнага фотаздымка загінулага ў нямецкім палоне.

Дыёмід Тавадзэ, Здымак палоннага, зроблены вермахтам, Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Падольск

დიომიდ თავაძე (1921-1941)

Дыёмід Тавадзэ паходзіць з Грузіі. Студэнт. Служыць у Чырвонай арміі ў артылерыі.

Узяты ў палон пад Мінскам 3 ліпеня 1941 года. У сярэдзіне кастрычніка яго адпраўляюць у шталаг 321 у Эрбке, дзе зняволеныя жывуць у зямлянках ды імправізаваных схованках і галадаюць. Пачынаецца эпідэмія сыпнога тыфу, тысячы людзей паміраюць. Дыёмід Тавадзэ развітваецца з жыццём 26 снежня 1941 года, за некалькі дзён да свайго дваццаць першага дня нараджэння. У якасці прычыны смерці вермахт пазначае «агульную фізічную слабасць» – гэта код для галоднай смерці.

Андрэй Міхайлавіч Лэмэшка, Здымак палоннага, зроблены вермахтам, Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Падольск

Андрій Михайлович Лемешко (1908-1942)

Андрэй Міхайлавіч Лэмэшка да службы ў Чырвонай арміі займаецца сельскай гаспадаркай.

Узяты ў нямецкі палон пад Палатнянкай у сярэдзіне кастрычніка 1941 года. Вермахт адпраўляе яго на тэрыторыю анексаваных Судэтаў і прымацоўвае да арбайтскаманды ў Маергёфэне пад Буквай, дзе ён памірае 6 лютага 1942 года. У якасці прычыны смерці вермахт сцісла пазначае «знясілены стан». Гэта ўказанне на тое, што ваеннапалонны памёр ад голаду, як і больш за два мільёны яго таварышаў, замардаваных вермахтам да вясны 1942 года.

Міхаіл Аляксеевіч Заварзін, Здымак палоннага, зроблены вермахтам, Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Падольск

Михаил Алексеевич Заварзин (1917-1941)

Міхаіл Аляксеевіч Заварзін паходзіць з Алтая. Слесар.

Узяты ў палон у Рызе 5 ліпеня 1941 года. Спачатку адпраўлены ў шталаг 321 у Эрбке, пасля накіраваны на працу ў Кальтэнвайдэ каля Гановэра. Застрэлены там пры спробе ўцячы. Ваеннапалонных з іншых краінаў пры такіх спробах не забіваюць, аднак вермахт аддаў загад, што пры спробе ўцёкаў савецкіх ваеннапалонных належыць адразу ж і без папярэджання страляць на паражэнне.

Айдбай Абдурахманаў, Здымак палоннага, зроблены вермахтам, Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Падольск

Айдбай Абдурахманов (1916-1942)

Айдбай Абдурахманаў паходзіць з Караганды, Казахстан. Мусульманін, настаўнік.

Праз пяць дзён з пачатку вайны, 27 чэрвеня 1941 года, узяты ў палон пад Лідай. Вермахт адпраўляе яго ў шталаг 324 каля мястэчка Остраў-Мазавецка, а пазней – у Гродна, дзе ён памірае 24 сакавіка 1942 года. Пахаваны на могілках ваеннапалонных у Гродне. Гэта пазначана на яго персанальнай картцы, якія вермахт заводзіць на кожнага палоннага. Аб прычыне смерці А. Абдурахманава на картцы нічога не напісана.

Невядомы ваеннапалонны, Фота роты прапаганды: Вальтэр Фрыдрых (фрагмент), 101I-267-0111-37A, Федэральны архіў, Кобленц

Невядомы

Фатограф з роты прапаганды зрабіў гэты здымак у жніўні 1941 года ў адным з лагераў у Смаленскай вобласці.

На кашулі палоннага чырвонаармейца нашытая шасціканцовая зорка. Такім чынам вермахт абазначыў яго як габрэя. Чырвонаармейцы габрэйскага паходжання падлягаюць расстрэлу. Як і ў большасці фотаздымкаў савецкіх ваеннапалонных, мы не ведаем імя чалавека ў кадры. Часта гэта апошнія іх здымкі перад смерцю.

Ілля Іванавіч Новікаў, Здымак палоннага, зроблены вермахтам, Архіў ФСБ, Смаленск

Илья Иванович Новиков (1921-1941)

Ілля Іванавіч Новікаў са Смаленскай вобласці да вайны займаецца сельскай гаспадаркай.

7 ліпеня 1941 года ўзяты ў палон на тэрыторыі Латвіі. На пачатку жніўня танкіста адпраўляюць у шталаг 321 у Эрбке, Ніжняя Саксонія. Там супрацоўнікі гестапа вышукваюць «непрымальных» вязняў. У выніку на пачатку кастрычніка яго адпраўляюць у канцлагер «Заксэнгаўзэн» і забіваюць у адной з адмыслова створаных камераў для расстрэлу ў патыліцу. СС такім чынам знішчае прынамсі 12 000 савецкіх ваеннапалонных з агулам 33 000, забітых на тэрыторыі Рэйха да канца ліпеня 1942 года.

Ніна Дзмітрыеўна Карасёва, Здымак палоннай, зроблены вермахтам, Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Падольск

Нина Дмитриевна Карасева (1922-?)

Ніна Дзмітрыеўна Карасёва з Валдая служыць у палку начной бамбардзіровачнай авіяцыі. Малодшы лейтэнант.

Узятая ў палон у верасні 1943 года. Праз паўгода вермахт вызваляе яе з палону і скіроўвае працаваць у фірму «Opta Radio A.G.» у Грунбэргу, Сілезія. На мноства жанчын-чырвонаармейцаў ціснуць, каб яны адмовіліся ад статусу ваеннапалонных. У такім выпадку іх, як цывільных асобаў, могуць перадаваць у распараджэнне біржам працы, якім тэрмінова патрэбная працоўная сіла. Далейшы лёс 22-гадовай дзяўчыны невядомы.

Тымурбек Даўлетшын, Фота: аўтар невядомы, каля 1943 года, прыватная ўласнасць Камілі Даўлетшын-Ліндэр

Тимурбәк Дәүләтшин (1904-1983)

Тымурбек Даўлетшын паходзіць з татарскай вёскі Зільдзяр. Мусульманін, юрыст і прафесар права ў Казані.

На пачатку вайны прызваны ў войска і праз некалькі тыдняў узяты вермахтам у палон пад Ноўгарадам. Праходзіць лагеры ў Рызе і Фалінгбостэлі, у снежні 1941 года прыбывае ў шталаг ХІ С у Бэрген-Бэльзэне, дзе працуе пісарам у лазарэце. Правёўшы год у палоне, у сярэдзіне 1942 года пачынае супрацоўнічаць з нямецкімі ўстановамі, якія курыруюць татарскія аб’яднанні. Цяжка хворы на туберкулёз. З 1943 года праводзіць некалькі гадоў у лёгачных санаторыях, пасля чаго з 1951 года жыве ў Мюнхене.

Аляксандр Аронавіч Пячэрскі, Фота: аўтар невядомы (фрагмент), прыватны архіў сям’і Пячэрскіх

Александр Аронович Печерский (1909-1990)

Аляксандр Аронавіч Пячэрскі паходзіць з габрэйскай сям’і з Краменчуга, Украіна. Кіраўнік мастацкай самадзейнасці.

Прызваны ў войска 22 чэрвеня 1941 года, у кастрычніку ўзяты ў палон. Адпраўлены спачатку ў Барысаў, затым у шталаг 352 у Мінску, а пазней у рабочы лагер СС. Адтуль у верасні 1943 года СС пераводзіць яго ў лагер смерці «Сабібор», дзе 34-гадовы лейтэнант разам з іншымі вязнямі арганізоўвае ўзброенае паўстанне. Яно пачынаецца 14 кастрычніка 1943 года, палонныя забіваюць адзінаццаць эсэсаўцаў, з лагера ўцякаюць больш за 300 чалавек. Аднак толькі 60 уцекачоў дажываюць да канца вайны. Сярод іх і А. А. Пячэрскі.

Іван Мікалаевіч Дэм’янюк, Фота: аўтар невядомы, Вікіпедыя, у вольным доступе

Іван Миколайович Дем’янюк (1920-2012)

Іван Мікалаевіч Дэм’янюк паходзіць з вёскі на захадзе Украіны.

Узяты ў палон у 1942 годзе і завербаваны ў шталагу 319 у Хэлме як «добраахвотны памочнік». СС абучае яго ў лагеры «Траўнікі». З сакавіка 1942 да кастрычніка 1943 года працуе ахоўнікам у лагеры смерці «Сабібор». Затым СС пераводзіць яго ў канцлагер «Флёсэнбург». У першыя гады пасля вайны жыве на поўдні Германіі, а ў 1951 годзе эмігруе ў ЗША. Яго не раз судзяць за саўдзел у нацысцкіх злачынствах. Зямельны суд Мюнхена прысуджае яго ў 2011 годзе да пяці гадоў зняволення за саўдзел у забойстве. Гэта першы працэс, у якім суддзі адмовіліся ад прынцыпу даказвання ўдзелу ў канкрэтным забойстве.

Антаніна A. Нікіфарава, канец 1930-х гадоў. Фота: аўтар невядомы, мемарыял «Равэнсбрук», Фюрстэнбэрг/Гафэль

Антонина Александровна Никифорова (1907-2001)

Антаніна Аляксандраўна Нікіфарава паходзіць з Ленінграда. Ваенны ўрач.

Узятая ў палон у кастрычніку 1941 года на востраве Саарэмаа ў Балтыйскім моры, праходзіць розныя лагеры на тэрыторыі Эстоніі, Літвы і Польшчы. Адмаўляецца ад пераводу на цывільную працу, пасля чаго яе адпраўляюць у канцлагер «Майданэк». У красавіку 1943 года СС пераводзіць яе ў канцлагер «Равэнсбрук», у якім праз год яна сустракае вызваленне. Да канца кастрычніка 1945 года працуе галоўным урачом у савецкім шпіталі ў Равэнсбруку, затым вяртаецца на радзіму. Што праўда, жыць у родным Ленінградзе ёй дазваляюць толькі з 1948 года. Да пенсіі працуе патолагам у адной з ленінградскіх бальніц.